У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры адкрылася выстава “Вузельчыкі натхнення
Рукадзелле ва ўсе часы шанавалася беларусамі. Да гэтага занятку людзі падыходзілі сур’ёзна і засяроджана. Ткацтва, вышыўка, вязанне – увесь вольны час жанчыны-беларускі прысвячалі любімай справе. Макрамэ – адзін з відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які і сёння карыстаецца папулярнасцю. Вырабы ў тэхніцы макрамэ здзіўляюць вытанчанасцю і лёгкасцю. Яны складаюцца з вялікай колькасці вузялкоў, што ўтвараюць цэласную карціну.
У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры адкрылася выстава “Вузялкі натхнення”, на якой прадстаўлены працы, выкананыя ў тэхніцы макрамэ. Іх аўтарам з’яўляецца Марына Ягела, майстар па макрамэ аддзела рамёстваў. Для выставы рукадзельніца прадставіла 40 прац рознай скіраванасці: дэкаратыўныя пано, кветкавыя кампазіцыі, функцыянальныя кашпо і нават паліцы. Жанчына расказала, што гэтым заняткам яна займаецца адносна нядаўна – усяго толькі тры гады. Але за гэты час паспела стварыць вялікую колькасць адмысловых прац.
Многія ўпрыгожваюць дом Марыны Віктараўны, многія былі зроблены ў якасці падарунка і зараз саграваюць сэрца родным, блізкім і сябрам рукадзельніцы. На стварэнне адной кампазіцыі патрабуецца ад некалькіх гадзін да некалькіх тыдняў. Жанчына прызнаецца, што не любіць паўтарацца. Яе вабіць новае і нязведанае. Дзякуючы пазнанню невядомага шліфуецца майстэрства, з’яўляюцца новыя ўменні. Адной з апошніх прац стала дэкаратыўнае пано “Дрэва жыцця”. Шматлікія вузялкі ўтвараюць цэласную карціну, якая захапляе і ўражвае. Памятае жанчына і сваю першую працу – анёлка. Зараз яна ўпрыгожвае адзін з пакояў рукадзельніцы.
Марына Віктараўна прызнаецца, што ў гэтай справе былі ў яе вопытныя настаўнікі. У свой час у аддзеле працавала Вера Грыгарэнка, якая і прывіла сваім калегам любоў да вузялковага майстэрства, вярнула былую папулярнасць незвычайнай тэхніцы. Марына Віктараўна не раз звярталася да вопытнай калегі за кампетэнтым меркаваннем і парадай.П
Па матэрыялах газеты «Ашмянскі веснік»