БЕЛАРУСКІЯ МАСТАЦКІЯ ТРАДЫЦЫІ САЛОМАПЛЯЦЕННЯ

Мастацкія практыкі саломапляцення ў Беларусі – гэта гістарычна і ментальна ўкаранёны ў жыццё беларусаў комплекс ведаў, тэхналогіі мастацкіх прыёмаў апрацоўкі саломкі збожжавых раслін, уяўленняў аб духоўнай каштоўнасці і сімволіцы матэрыялу і вырабаў з яго, абрадавых практык іх ужывання, які атрымаў у сучаснасці значнае мастацкае развіццё. Беларускае саломапляценне характарызуецца разнастайнасцю відаў ужывання матэрыялу і прыёмаў рамяства, форм вырабаў. Іх пераклік значна пашырыўся на этапе сучаснага развіцця практык саломапляцення у выніку ўзбагачэння прыёмамі прафесійнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і разумення пластычных магчымасцяў матэрыялу, пашырэння сферы прызначэння вырабаў. Вылучаюцца наступныя віды мастацкай апрацоўкі саломкі: спіральнае пляценне; пляценне прамых і аб’ёмных пляцёнак; саламяная пластыка; канструяванне з саломін (“павукі”). Найбольш характэрныя віды вырабаў з саломкі: разнастайныя ёмістасці (каробкі, сявенькі, караба і інш. спіральнага пляцення), брылі, капелюшы (прамоепляценне); скарбонкі (аб’ёмнаепляценне), цацкі: птушкі, лялькі, конікі, козлікі і інш., скульптура на каркасе з афармленнем дэкаратыўнымі элементамі, саламяныя кветкі, галаўныя ўборы: капелюшы, вянкі, кароны, пано для інтар’ераў, сувеніры, саламяныя павукі. Мастацкі набытак сучаснага саломапляцення грунтуецца на калектыўных традыцыях сялянскага саломапляцення і бесперапынна ўзбагачаецца індывідуальнымі творчымі дасягненнямі асобных аўтараў. У сучасным развіцці беларускага саломапляцення назіраецца жывы працэс ператварэння аўтарскай інавацыі ў калектыўную традыцыю. Сучасныя беларускія вырабы з саломкі маюць свой асаблівы стыль, што выяўляецца ў агульна прынятай назве для асобных вырабаў так і агульнай характарыстыцы мастацкай з’явы – “беларуская саломка”. Вызначэнне “беларуская саломка” набыло значэнне нацыянальнага брэнду, мастацкія вырабы і сувеніры з саломкі беспамылкова асацыіруюцца з Беларуссю, сведчаць аб творчых здольнасцях і працавітасці беларусаў.

Згодна пастановы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь №15 ад 20 лютага 2020 года нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльныму праяўленню творчасці чалавека — “Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення”. У Ашмянскім раёне носьбітам нематэрыяльнай культурнай спадчыны з’яўляецца Валянціна Казіміраўна Свірская — загадчык «Раённы цэнтр раместваў і традыцыйнай культуры» філіяла ДУК «Ашмянскі раённы цэнтр культуры»

Рамяству навучылася ад маці Савёнак Феліцыі Казіміраўны (1927 г.н.) у в. Паляны. Далей папаўняла свае веды на курсах павышэння кваліфікацыі, абласных семінарах, рэспубліканскіх мерапрыемствах і школах вучобы.

Валянціна Казіміраўна працуе ў тэхніках аб’ёмнае і пласкасное пляценне.

Вырабы майстра, птушачкі, лялечкі, сухарніцы, кошыкі, шляпы, паяскі, кветкі і шмат іншых, выкарыстоўваюцца ў выставачнай дзейнасці і ў якасці сувеніраў. Пачынаючы з 1999 года неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі раённага і абласнога ўзроўня за адраджэнне традыцыйных нацыянальных рамёстваў, у тым ліку і саломапляценне. Сярод вясомых узнагарод Валянціны Казіміраўны: Лаўрэат прэміі імя А. І. Дубко Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў 2008 года.

Пераемнікам традыцыйнай культуры Валянціны Казіміраўны з’яўляецца Крысціна Генрыхаўна Міцкевіч — майстар па саломапляценні філіяла «Раённы цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Ашмяны». З саломапляценнем жанчына пазнаёмілася падчас правядзення аднаго з фэстаў у Гальшанах. Натхнілася вырабамі і запалілася ідэяй плесці з саломкі. Наведала спецыяльныя курсы, вучылася ў больш вопытных майстроў, спрабавала сама прыдумваць тэхнікі пляцення, удасканальваючы розныя формы. Атрымалася выдатна. Дома ў Крысціны Генрыхаўны ёсць свой невялікі пакой, дзе доўгімі зімовымі вечарамі яна чаруе над саломкай, крок за крокам, удасканальваючы сваё майстэрства. Колькі прыгожых вырабаў там сабрана! Аплікацыя з кветак, падстаўка пад цукеркі і прысмакі ў форме лебедзя, кашолачкі, ваза незвычайнай формы з вялікімі бутонамі ружаў і інш.

Прокрутить вверх