Творчая атэстацыя на пацвярджэнне званняў «Народны» і «Узорны», якая бывае адзін раз у тры гады, у чарговы раз паспяхова прайшла на Ашмяншчыне.

Вынікі сваёй творчай дзейнасці прадставілі на прагляд атэстацыйнай камісіі ўпраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта 20 калектываў аматарскай творчасці. Сярод іх — 14 устаноў сектара культуры і 6 — упраўлення адукацыі. Прагляд праходзіў на чатырох пляцоўках: у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, сярэдняй школе №1 г. Ашмяны імя М. М. Гружэўскага, сярэдняй школе № 3, раённым цэнтры культуры. Своеасаблівы экзамен перад камісіяй з Гродна годна вытрымалі інструментальныя і танцавальныя калектывы, калектывы вакальна-харавога жанру, студыі выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. І дарослыя, і дзеці прадэманстравалі па ацэнцы атэстацыйнай камісіі творчую сталасць, высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культуры.

Старшыня атэстацыйнай камісіі Сняжана Куратчык падкрэсліла, што дзейнасць творчых калектываў, якія імкнуцца да высокага мастацкага ўзроўню і прызнання ў грамадстве, — важная частка культурнага жыцця рэгіёна. Пацвярджэнне звання «Народны» з’яўляецца ганаровым статусам для артыстаў і музыкаў і сведчыць аб высокім узроўні іх прафесіяналізму і папулярнасці сярод гледачоў.

Па матэрыялах газеты «Ашмянскі вестнік»

Прокрутить вверх