ЭТНАГРАФІЧНА-МУЗЕЙНАЯ ЭКСПАЗІЦЫЯ

Этнаграфічна-музейная экспазіцыя створана ў адпаведнасці з абласной праграмай стварэння музеяў і музейных экспазіцый ва ўстановах культуры, адукацыі і аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці на 2017-2018 гг. І распачала сваю работу ў чэрвені 2017 года. Яна размешчана ў памяшканні аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Ашмяны.

Калекцыя музейных прадметаў экспазіцыі  пачала стварацца ў 2004  годзе супрацоўнікамі клубнай  установы в.Паляны, і на сёняшні час складае 115 адзінак. Уласнікамі экспанатаў экспазіцыі з’яўляюцца  жыхары Палян і суседніх вёсак.

Этнаграфічна-музейная экспазіцыя — гэта самабытны куток нацыянальнай культуры ў стылі традыцыйнай беларускай хаткі ХIХ стагоддзя. У ёй выстаўлены разнастайныя прадметы, якія даюць уяўленне пра гаспадарча-побытавую і працоўную дзейнасць нашых продкаў, што дазваляе максімальна наблізіцца да культуры рэгіёну таго часу.

Структуру экспазіцыі складаюць наступныя часткі: чырвоны кут; бабін кут;  прылады працы; прадметы быту.

У “чырвоным куце”, — цэнтральным месцы былой сялянскай хаты, — размешчаны абраз, пад абразам – куфар з пасагам і этажэрка з рознымі рэчамі.У цэнтры “бабінага кута” усе прылады для печы, асновы сялянскага жытла — сімвала шчасця і дабрабыту. У бабіным куце стаяць вілкі розных памераў, чапяла, венік-дзяркач, дзяжа для закваскі хлеба, маслабойка і іншы гаспадарчы посуд, якім карысталася гаспадыня. У “прыладах працы” прадстаўлены традыцыйныя прылады працы і прыстасаванні, без якіх нашы продкі не абыходзіліся ў паўсядзённым жыцці: цэп, серп, караўлот, лубка, станок, трапачка, берда, пілы і іншае. У “прадметах быту” у пэўнай паслядоўнасці і парадку размешчаны прадметы хатняга побыту, посуд,  у тым ліку гліняны, дапаможны інвентар, мэбля, адзенне, тканыя  капы, вышываныя накідкі на падушкі, вышытыя тканыя рушнікі і інш.    

Супрацоўнікі цэнтра рамёстваў прапануюць наведвальнікам  экспазіцыі ўдзел у змястоўнай экскурсіі “Спадчына маіх бацькоў”, пад час якой,  акрамя знаемства с прадметамі хатняга побыту селяніна XX ст., кожнаму будзе прадстаўлена магчымасць выканаць розныя віды хатніх работ: папрасаваць бялізну “драўляным прасам”, пакруціць кола калаўрота, узважыць рэчы з дапамогай бязмена і гэтак далей. Адметнай рысай наведвання экспазіцыі з’яўляецца, тое што кожны з яе наведвальнікаў можа прыняць ўдзел у   майстар-класах, якія праводзяцца па такіх відах творчасці як: саломапляценне, рукадзелле (лялька-мотанка, лялька-абярэг, вязанне штуцікам), ткацтва паясоў на дошчачках,  ганчарства, вязанне макрамэ, вырабіць сувеніры на памяць сваімі рукамі.

Прокрутить вверх