Абласны агляд-конкурс аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах «Свет захапленняў», накіраваны на ўдасканаленне дзейнасці клубных аб’яднанняў і арганізацыю вольнага часу насельніцтва, працягвае сваё падарожжа па Гродзенскай вобласці.
Эстафету творчых справаздач прыняла гасцінная і таленавітая Ашмяншчына. Удзельнікі аматарскіх аб’яднанняў – пераможцы раённага адборачнага тура – прадставілі свае мерапрыемствы на суд атэстацыйнай камісіі ўпраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.
Аматарскае аб’яднанне «60+» Кальчунскага сельскага клуба, якім кіруе Сняжана Кагадоўская, падрыхтавала творчую імпрэзу «Шоу талентаў». Удзельнікі мерапрыемства прадэманстравалі свае рознапланавыя здольнасці: уменне спяваць, танцаваць, дэкламаваць байкі ўласнага сачынення. Да творчай справаздачы была падрыхтавана таксама выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Аб’яднанне «Мир женщины» сельскага клуба аграгарадка Станцыя Ашмяны (кіраўнік Таццяна Корсак) паказала фальклорную праграму «Вячоркі на Пакровы”. Удзельнікі аматарскага згуртавання ўзгадалі забытыя народныя песні, танцы і гульні, а таксама абрады, звязаныя з адным з самых шанаваных свят у народным календары беларусаў.

Члены абласнога журы высока ацанілі дзейнасць аматарскіх аб’яднанняў Ашмяншчыны, адзначыўшы цікавы творчы падыход і акцэнт на захаванне абрадаў і традыцый беларускага народа.