Імпрэза “Вечары ў Соф’і Гальшанскай” сабрала аматараў гісторыі і культуры

“Вечары ў Соф’і Гальшанскай” – традыцыйнае мерапрыемства, якое штогод праводзіцца ля сцен старажытнага замка. Яно палюбілася не толькі мясцовым жыхарам, але і гасцям, якія, адклаўшы надзённыя справы, прыязджаюць у аграгарадок, каб акунуцца ў вір гісторыі, далучыцца да культуры і  традыцый беларускага народа. Чарговым суботнім вечарам госці сабраліся каля жамчужыны Гальшан – старажытнага замка. Пад гукі музыкі каменныя муры на нейкі момант ажылі. Паўсталі перад гасцямі свята і гаспадары – Соф’я Гальшанская і Ягайла. Прысутнічалі і іншыя гістарычныя персанажы, якія напоўнілі імпрэзу інтэрактывам. Госці карысталіся магчымасцю і рабілі фотаздымкі з гістарычнымі постацямі.

Для тых, хто жадаў больш дэталёва пазнаёміцца з гісторыяй мястэчка, была арганізавана экскурсія ў Паўночную вежу. Супрацоўнікі філіяла краязнаўчага музея “Гальшанскі замак” падрыхтавалі змястоўны аповед. На кожным узроўні адрэстаўраванай вежы экскурсанты знаёміліся з цікавымі фактамі, рабілі фотаздымкі экспанатаў, а аглядавая пляцоўка дала магчымасць палюбавацца панарамай мястэчка з вышыні птушынага палёту.

На пляцоўцы каля замка быў арганізаваны святочны гандаль. Майстры-рамеснікі прэзентавалі разнастайныя вырабы. Для гасцей, што прыехалі здалёк, была магчымасць падсілкавацца. Гандлёвыя палаткі забяспечылі ўдзельнікаў свята неабходнай прадукцыяй. Не забыліся арганізатары і пра дзяцей. Каляровыя шары, цацкі і цукеркі-ледзяшы можна было набыць на свяце. Працаваў гэтым вечарам і візіт-цэнтр. Сувенірная прадукцыя карысталася асаблівым попытам у гасцей мерапрыемства.

Дыскатэка ў стылі “Рэтра” стала добрай нагодай далучыцца да танцаў. Моладзь, дзеці, асобы старэйшага веку – кожны ў гэты вечар спрабаваў свае сілы і спрыт у танцавальным майстэрстве. Разам з гасцямі забаўляліся таксама гістарычныя персанажы і жывыя статуі.

Прыгожым завяршэннем вечара стала вогненнае шоу, якое надало замкавым мурам асаблівай таямнічасці. Госці з захапленнем назіралі за яркім відовішчам, рабілі фотаздымкі.

Імпрэза аказала вялікае ўражанне на гасцей і падаравала шэраг станоўчых эмоцый. Жыхарка Гальшан Дар’я зазначае:

— Заўсёды ўсёй сям’ёй прыходзім на імпрэзу. Вельмі падабаецца арганізацыя свята. Кожны год нас здзіўляюць новымі цікавосткамі. Здаецца, што ўсё ўжо ведаеш пра сваё мястэчка, але падчас экскурсій, выступленняў артыстаў кожны раз даведваешся штосьці новае. Акрамя таго, гэта цудоўная нагода культурна правесці час, адпачыць, паслухаць музыку. Адразу ўзнікае гонар за роднае мястэчка, яго гісторыю і славутых асоб.

Ксенія і Дзмітрый не мясцовыя, аднак з вялікай цікавасцю ўдзельнічаюць у мерапрыемстве:

— На свята мы прыехалі са сталіцы. Замак наведваем першы раз. Хацелася правесці вечар у спакойнай і душэўнай атмасферы. Уражвае гісторыя замка. Ужо прынялі ўдзел у экскурсіі, пабывалі на аглядавай пляцоўцы. Від на мястэчка нас проста зачараваў. Яшчэ хочам наведаць гарадзішча, царкву і касцёл. Шмат чыталі пра Гальшаны, цяпер хочацца яшчэ і ўбачыць. Сёння набылі сувеніры з выявай Гальшан. Гледзячы на іх, будзем узгадваць гэта прыгожае мястэчка.

Па матэрыялах газеты «Ашмянскі веснік»

Прокрутить вверх