У вёсцы Гродзі ў мясцовым сельскім клубе прайшло святочнае мерапрыемства, прысвечанае заканчэнню збору ўраджаю і восеньскаму раўнадзенству.
Галоўным элементам і сапраўдным сэрцам свята стаў традыцыйны беларускі абрад «Багач».




Жыхары вёскі сабраліся разам, каб па даўняй традыцыі напоўніць супольны кошык жытам і запаліць у ім свечку — сімвал святла, дабрабыту і росквіту грамады. Падчас урачыстага абходу залы з вуснаў вядучых гучалі шчырыя словы:
«Няхай жыта колас у каравай выліваецца,
Няхай яблык спелы здароўем адгукаецца!
Адгані ад нас хваробы, сурокі і нядолю,
Дай нам шчаслівую долю!»



Калі Багач быў сабраны і асвечаны, свята працягнулася цёплымі віншаваннямі, народнымі спевамі і пачастункамі. Мерапрыемства падарыла ўсім прысутным адчуванне еднасці, спакою і душэўнага цяпла.

