Аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ашмянскага раёна цесна супрацоўнічае з раённым цэнтрам культуры. Сумесна мы віншуем імяніннікаў нашага аддзялення, арганізоўваем тэматычныя выступленні падчас экскурсій. У гэтым годзе ў нашай сумеснай працы з’явіўся яшчэ адзін накірунак – сустрэча з народнымі ансамблямі раёна, якія праводзяцца ў рамках пасяджэння паэтычна-музычнай гасцёўні “Натхненне”. Нашы наведвальнікі ужо мелі магчымасць пачуць прыгожыя песні ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Жытніца”, бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй калектыву і яго ўдзельнікамі.

А вось зусім нядаўна да нас завітаў самы малады народны вакальны ансамбль Ашмянскага раёна – «Мельніца», час нараджэння якога – 2022 год.

Нягледзячы на свой малады ўзрост калектыў добра ведаюць у раёне, бо без яго не абыходзіцца ні адно свята. Фальклорныя кампазіцыі ў сучаснай апрацоўцы глыбока кранаюць душу, вяртаюць да родных вытокаў. У выкананні калектыву гучаць прыгожыя песні на роднай мове пра Беларусь, каханне, прыроду.

Удзельнікі мерапрыемства бліжэй пазнаёміліся з членамі ансамбля, пагутарылі пра творчасць, атрымалі адказы на свае пытанні. Цёплыя апладысменты слухачоў сталі прыемнай узнагародай выканаўцам.

Словы падзякі, пажаданні творчых поспехаў доўга гучалі ад нашых наведвальнікаў. Кіраўнік ансамбля Анастасія Станкевіч марыць аб тым, каб калектыў атрымаў вядомасць і папулярнасць за межамі раёна.

Сапраўды, родныя мелодыі глыбока кранаюць душу, іх нельга не любіць. У заключным слове вядучая мерапрыемства пажадала усім слухаць песні на роднай мове, адкрываць сваю душу для шчырых пачуццяў, жыць у згодзе з людзьмі і з музыкай, бо, як пісаў Янка Купала: “Родныя песні! Для роднай зямелькі вы – светлыя зоры, для роднага краю вы – райскія гімны!”

Тэрэса КОШАНЬ, спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Ашмянскага раёна.

Прокрутить вверх