15 лістапада ў філіяле “Ашмянскі раённы цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры” адкрылася выстава “Карагод лялек”, прымеркаваная да Дня беларускай лялькі. Экспанаты для выставы былі падрыхтаваны майстрамі цэнтра Марыяй Заянчкоўскай і Вольгай Кавалеўскай. Гульнявыя, абрадавыя, а таксама лялькі-абярэгі здзіўлялі і ўражвалі гасцей. Традыцыйная беларуская лялька звычайна выяўлялася без аблічча. Большасць экспанатаў выставы таксама не мае рысаў твару. Марыя Заянчкоўская і Вольга Кавалеўская расказалі пра этапы стварэння экспанатаў.
Жанчыны адзначылі, што перад пачаткам працы неабходна пазнаёміцца з адпаведнай літаратурай, вывучыць строй таго або іншага рэгіёна, а толькі потым брацца за працу. Аўтары вырабаў падкрэслілі, што нашы продкі з вялікай пашанай ставіліся да лялек: іх ніколі не пакідалі на вуліцы і не раскідвалі па хаце, а захоўвалі ў кошыках або спецыяльных куфэрках. Многія факты госці выставы пачулі ўпершыню, таму задавалі ўдакладняльныя пытанні. Выстава “Карагод лялек” будзе дзейнічаць да 25 лістапада. У гэты час кожны жадаючы можа пазнаёміцца з багатай экспазіцыяй і далучыцца да традыцыйнай беларускай культуры.
Па матэрыялах газеты «Ашмянскі веснік»