Масленіца — адно з любімых народных свят, якога чакаюць і дарослыя, і дзеці. Аднак не кожны ведае пра сімволіку і паходжанне свята, яго карані. Каб даведацца пра сапраўдны сэнс гэтага свята, карэспандэнты раённай газеты накіраваліся ў цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры. Напярэдадні Масленіцы пагутарылі з загадчыцай цэнтра Валянцінай Свірскай.

— Масленіца — гэта не проста дні, калі ўдосталь можна наесціся бліноў, — зазначыла Валянціна Казіміраўна. — Гэта мяжа, калі стары свет сустракаецца з новым. Продкі верылі: як сустрэнеш гэты пераломны момант, такім і ўвесь год будзе.
Як расказала Ва-лянціна Свірская, наведвальнікі часта пытаюцца пра сувязь Масленіцы з хрысціянствам. На самой справе, тлумачыць яна, тут адбылося ўнікальнае зліццё дзвюх традыцый.
— Корні свята — язычніцкія, звязаны з днём вясновага раўнадзенства. Гэта так званыя “камядзіцы”, калі нашы прашчуры ўлагоджвалі духаў продкаў і багоў урадлівасці. Сёння свята звязваецца і з хрысціянствам, атаясамліваецца з Вялікім постам. З гэтым святам таксама атаясамліваюць Сырны тыдзень, калі ўжо нельга есці мяса, але можна малочныя прадукты і яйкі.
Адным з галоўных сімвалаў свята з’яўляецца блін. І тут, па словах загадчыцы цэнтра, крыецца сакральны сэнс. Блін — гэта не проста ежа. Круглы, гарачы, залацісты — ён сімвалізуе Сонца. З’есці блін на Масленіцу азначала ўвабраць у сябе кавалачак сонечнай энергіі, сілы і здароўя.
— Першы блін ніколі не з’ядалі проста так. Яго неслі на ганак ці на гару “для бацькоў”, каб памянуць памерлых. Вось чаму Масленіца — гэта яшчэ і сямейнае свята, калі ўспамінаюць свой род.
Акрамя бліноў, Мас-леніца багатая на атрыбуты, пра якія сёння часта забываюць. Спадарожніцай тыдня заўсёды была салома — сімвал мінулагодняга ўраджаю. З яе рабілі чучала, якое пасля ўрачыста спальвалі. Але, як падкрэслівае суразмоўца, гэта не помста зіме, як лічаць многія.
— Гэта — ахвярапрынашэнне. Праз агонь людзі спрабавалі перадаць пасланне продкам, ачысціцца ад усяго старога і сапсаванага, каб у новым годзе ўзышлі новыя ўсходы, — тлумачыць Валянціна Казіміраўна.
Сучаснае свята імкнецца захаваць дух першаасновы. У гэты дзень штогод пякуцца бліны па старадаўніх рэцэптах.
— Аднак сёння бліны пякуць не проста на малацэ, а дадаюць грэчку, ячмень, пякуць з грыбамі і рыбай. Людзі шукаюць той смак, які памятаюць з дзяцінства, але пры гэтым не баяцца эксперыментаў.
Масленіца — гэта не проста развітанне з зімой, а велізарны ліхтарык, які нашы продкі запальвалі, каб асвяціць дарогу вясне. А пачынаецца гэта свята з кухні, дзе ўся сям’я збіраецца за агульным сталом на бліны, якія кладуцца маленькімі сонейкамі на талерку.
Па матэрыялах газеты «Ашмянскі веснік»

