Жнівень для жыхароў Жупран і навакольных вёсак – месяц асаблівы. Кожны год тут ладзіцца свята ў гонар тых, хто займаецца сыраварэннем. Працэс гэты няпросты: мала толькі трымаць жывёлу, трэба яшчэ і перапрацаваць малако, знайсці свой непаўторны рэцэпт, а таксама захаваць у працэсе лепшыя традыцыі беларускіх гаспадынь.
Нягледзячы на пагоду, пакаштаваць сыры мясцовых вытворцаў прыйшло нямала людзей. Асаблівую цікавасць у прысутных выклікала сырнае казіно: магчымасць не толькі весела правесці час, але і атрымаць смачныя падарункі. Кіраўнік спраў Жупранскага сельсавета Ганна Шымановіч павіншавала прысутных і паклала пачатак святу разразаннем сыру.


Якія этапы мае сыраварэнне? Чаму асобныя віды сыру маюць дзюркі? На гэтыя пытанні гледачы шукалі адказы разам з Міхасем – галоўным героем свята. Хлапец ласы да сыру, а вось як ён робіцца зусім не ведае. Калі рэцэпт ідэальнага сыру быў знойдзены, прысутных чакала дэгустацыя. А пасля святочнага канцэрта жадаючыя маглі набыць прадукцыю сыравараў.



Добры настрой у святочны дзень гасцям дарылі работнікі раённага цэнтра культуры, а таксама філіяла “Сельскі клуб аг. Жупраны”. Жыхары вёскі і госці свята падпявалі артыстам, танчылі і актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах. Для дзяцей і моладзі былі прадугледжаны забаўляльныя пляцоўкі, а ўсе жадаючыя рабілі фотаздымкі на “сырных” фотазонах.


Не абышлося мерапрыемства і без прыемных момантаў: старшыня прафсаюза аграпрамысловага комплексу Раіса Турлай узнагародзіла лепшых сыравараў.


Юбілейны фестываль у Жупранах чарговы раз даказаў, што беларуская вёска багатая на шчырых людзей. Свята пакінула пасля сябе шмат станоўчых эмоцый, а мясцовыя сыравары ўжо пачалі думаць над новымі рэцэптамі, каб здзівіць гасцей у наступным годзе.
Па матэрыялах газеты «Ашмянскі веснік»