У канцы жніўня, калі паветра напаўняецца пахам яблыкаў, пачынаюцца вяселлі. Незвычайны — яблычны — шлюб адбыўся ў Навасёлках. Жыхары аграгарадка ўбачылі кранальны вясельны абрад, падрыхтаваны работнікамі культуры раёна.

На сцэне мясцовага сельскага клуба разгарнулася вясельная феерыя са сціплымі маладымі, жартаўлівымі сватамі, музыкамі і святочным караваем. Паспрабаваць яго змаглі ўсе прысутныя ў зале — зразумела, ён быў з яблыкамі. Вясельны абрад выклікаў шмат станоўчых эмоцый у зале, асвятліў твары ўсмешкамі. Працягам вяселльнага абраду стаў канцэрт. Песні пра Радзіму, каханне, прыгажосць роднага краю адгукаліся ў сэрцы прысутных, яны з ахвотай падхаплялі знаёмыя радкі.

Звяртаючыся да жыхароў аграгарадка, старшыня сельвыканкама Алена Травіцкая зазначыла, што калі вясной будуць цвісці сады, а ўвосень шчодра адорваць нас сваімі пладамі, — будзе працягвацца жыццё, будзе прыгажэць родны край. А калі ў хаце будзе лунаць пах яблычнага пірага – значыць, у ёй будуць жыць мір і спакой. Алена Чаславаўна выказала жыхарам падзяку за падтрыманне парадку на роднай зямлі і павіншавала мнагадзетныя сем’і, а таксама самую сталую жыхарку сельсавета Тамару Пятроўну Вішнеўскую, якая ў студзені гэтага года адзначыла 99-годдзе.

На радасць шматлікай дзятве ля сельскага клуба размясціўся надзіманы атракцыён, можна было пачаставацца салодкай ватай і набыць сувенір на памяць.

Па матэрыялах газеты «Ашмянскі веснік»

Прокрутить вверх